тел/факс 203-92-33

Удзельнікі жніва ААТ “Радзіма Ф. Э. Дзяржынскага”, якія працавалі каля вёскі Цеснавой, спынілі свае камбайны, выкраілі мінутку са свайго напружанага рабочага графіка, каб атрымаць ушанаванне ў свой адрас. Кожны год у час уборачнай кампаніі працаўнікі Стаўбцоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, які знаходзіцца ў суседняй вёсцы Куль, прымаюць удзел ва ўборцы хлеба. Напрыклад, санітар Алег Радкевіч больш за дзесяць гадоў садзіцца за штурвал камбайна. І кожны сезон працуе з высокімі вынікамі. Механізатар дома-інтэрната Часлаў Прыёмка ў сельгаскааператыве на ўборцы прасуе салому.
Падзякаваць ім за гэтую рупнасць, за старанні ва ўборцы хлеба на збожжавае поле з падарункамі ад прафсаюза прыехалі старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргей Халява, намеснік старшыні Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Уладзімір Філімонаў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў. Да іх далучыліся старшыня прафсаюзнай арганізацыі дома-інтэрната Ірына Галіцкая і старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Радзіма Ф. Э. Дзяржынскага” Галіна Каласоўская. Камбайнеры былі сагрэты добрымі словамі, увагай, пажаданнямі паспяховага завяршэння жніва, атрымалі падарункі.
- У час уборачнай кампаніі 2017 года, - расказвае Юрый Ларычэў, - Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі не толькі праводзіць маніторынг умоў, у якіх працуюць удзельнікі жніва, але і ўшаноўвае членаў прафсаюзаў, якія дапамагаюць у гэты час сельскагаспадарчым арганізацыям. Для працаўнікоў жытнёвых палеткаў такая ўвага заўсёды прыемная, мы спадзяёмся, што гэта падымае іх дух, мацуе сілы ў час такой напружанай пары, калі працаваць даводзіцца ад ранку да позняга вечара.
Лідары мясцовых прафсаюзных арганізацый запрасілі кіраўнікоў галіновага прафсаюза з Мінска на экускурсію ў музей-сядзібу Ф. Э Дзяржынскага.
Святлана ЖЫБУЛЬ,
фота Васіля ЗЯНЬКО
На здымку: віншаванне ўдзельнікаў жніва.

видео