тел/факс 203-92-33

На мінулым тыдні члены прафсаюзнай арганізацыі Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў сабраліся на нечарговы сход. Нагода? Прыезд старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргея Фадзеевіча Халявы.
Спачатку дырэктар дома-інтэрната П. І. Паўловіч правёў экскурсію для высокага госця, азнаёміў з умовамі пражывання пастаяльцаў і працы работнікаў, расказаў пра справы калектыву. На сустрэчы з членамі прафсаюза С. Ф. Халява пацікавіўся, як наладжана прафсаюзная работа ў доме-інтэрнаце, умовамі калектыўнага дагавора і кантрактаў, заработнай платай, цэнамі ў мясцовых магазінах, аховай працы і застаўся задаволены адказамі. З кароткай справаздачай выступіла старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Д. І. Пякарская.
Затым пачалася самая прыемная частка — узнагароджванне. Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза ўзнагароджана Д. І. Пякарская, Падзя¬кі атрымалі старшыня прафсаюзнай арганізацыі до¬ма-інтэрната Л. Г. Ясінская, медыцынская сястра М. А. Анкудовіч, дырэктар П. І. Паўловіч, а таксама загадчыцы Лынтупскага аддзялення кругласутачнага знахо¬джання для грамадзян пажылога ўзросту і Лынтупскага філіяла ТЦСАН Н. Т. Гатоўская і А. А. Валасевіч. А дырэктар і старшыня прафкама дома-інтэрната ўзнагароджаны яшчэ і дыпломам за цеснае сацыяльнае партнёрства, узорнае захаванне работнікамі калектыву правілаў па ахове працы.
Затым С. Ф. Халява накіраваўся на зернесушыльны комплекс сельгаспрадпрыемства “Дунілавічы-агра” і ўручыў Падзяку А. Ф. Янкоўскаму, падзякаваў яму за нялёгкую працу падчас жніва. Андрэй Фадзеевіч — рабочы па абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў Дунілавіцкага дома-інтэрната. У гарачы час уборачнай адзін з аператараў зернесушыльнага комплексу гаспадаркі захварэў, і Янкоўскага папрасілі дапамагчы.
— Андрэй Фадзеевіч — выдатны электрык, — гаварыў дырэктар дома-інтэрната Павел Іванавіч Паўловіч. — Яго вызначаюць безадмоўнасць і адказнасць. Не падвёў і ў сельскай гаспадарцы.
Яшчэ адзін з узнагароджаных — Яўгеній Мікалаевіч Жаўняровіч. Ён пяць гадоў працуе ў доме-інтэрнаце санітарам. На перыяд напружаных сельгасработ Яўгеній Мікалаевіч садзіцца на трактар. За старанне і дапамогу СП “Дунілавічы-агра” адзначаны Падзякай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза.
— Прыемна ўражаны ад наведвання Дунілавіцкага дома-інтэрната, — рэзюмаваў С. Ф. Халява. — Гэта сучасная ўстанова сацыяльнай сферы з камфортнымі ўмовамі. Згуртаваны калектыў, маральны клімат у якім на высокім узроўні, і гэта заслугоўвае павагі. Паміж прафсаюзам і наймальнікам наладжаны добрыя дзелавыя адносіны і сацыяльны дыялог. Людзі задаволены, у іх не ўзнікала ніякіх пытанняў і скаргаў. Усе сумленна выконваюць свае абавязкі і працуюць дзеля адной мэты — каб пастаяльцы дома-інтэрната не былі абдзеленыя ўвагай.
Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ. 

 

 

видео